назад, спісак <

ДЗЯНІС РАМАНОЎСКІ

Падзея - вопыт суб'ектыўны. Падзеі напаўняюць жыццё і ў вузкім сэнсе храналагічных вымярэнняў і ў глыбінях сутнасных рэалізацый. У шырокім сэнсе падзея ёсць кантакт, а фармальна яна можа быць азначана змяненнем. Патокі падзей бесперапынныя і множныя. Змены, якія датычацца многіх людзей, могуць набыць статус гістарычны. Гісторыя абапіраецца на факт, які ёсць дакумент падзеі, феціш. Інтэрпрэтацыя падзеі можа прэтэндаваць на дакументацыю кантакта, стварэнне гэтага феціша. Але, у прыватнасці, мастацкая крытыка, у лепшых сваіх праявах, дзякуючы таму і існуе, што стварае новы кантакт (які, зрэшты, не мае прамога дотыка да падзеі, аб якой выражаецца).

Часцей за ўсё самыя простыя рэакцыі, выкліканыя звычкай да ўспрымання падзей праз феціш, хаваюць у сваёй кучы зношаных лахманоў нават саму магчымасць падзеі. Даследчык, крытык з таямніча замкнёным выглядам складае стосікі здымкаў і запісаў, якія нічога не гавораць, у архівы. І гэта неразуменне "замкненасці кантакта" вядзе да непрагляднай і замкненай сітуацыі: сучаснае мастацтва ствараецца або для архіваў, або для таго, каб адразу трапіць пад скандалізаваную ацэнку і, такім чынам, быць выціснутым з жыцця на рынак розыгрыша, спекуляцый - дзе ўсе творы аказваюцца толькі вынікам падзеі. Я не памылюся, выказваючыся так аб усіх мастацтвах: ніколі нельга казаць аб крызісе мастацтва, але толькі аб крызісе ацэнак, аглядак, чаканняў - аб крызісе захапляючай гульні ў мастацкія каштоўнасці, навуковасць, значнасць - аб крызісе займеннікаў: яно, яны, мы, вы і так далей.

Перфоманс - мастацтва аголенае. Ён не кансервуецца ні ў палеміцы, ні ў музеях: няма нават "твора перфоманса" як ёсць творы музыкі, жывапісу, драмы. Бессэнсоўна выяўляць яго віды і жанры, ён і сам не з'яўляецца ні відам, ні жанрам мастацтва, аднак, патэнцыяльна ўтрымлівае ўсе медыа. Не абмежаваны ў форме і сродках выражэння, ён цалкам скіраваны на кантакт, прысутнасць, падзею ў самых шырокіх сэнсах. Ён можа выкарыстоўваць розныя формы, несці розныя ідэі, звяртаць да розных кантэкстаў - і ўсё гэта будзе толькі рознымі знешнімі прыкметамі прысутнасці, кантакта, знешнімі прыкметамі падзеі.
І калі і магчыма злавіць гэтыя прыкметы на кручок слова, то яны становяцца халоднымі і нежывімі, як пакінутая на беразе вопратка.

І яшчэ... падзея не можа застацца незаўважанай.

назад, спісак <