назад, спісак <

ВІКТАР ПЯТРОЎ

Мастацкі тэкст - свайго роду вольная трактоўка падзей, роўным лікам як і тое, што тэксты і фотаздымкі пасля фестывалю - гэта ўжо нешта іншае, другое, ці, магчыма, "ніякае" мастацтва. Фіксацыя з мэтай адлюстравання падзей пераўтвараецца ў міфатворчасць аб ужо сышоўшым і ніколі не вяртальным? Гэта становіцца гісторыяй, але калі прыняць пункт гледжання, што "гісторыя" - гэта тое, што адбываецца з намі зараз, у дадзены момант, то гэта ўжо стварэнне чагосці абсалютна новага, маючага статус самарэфлексіі.

Перфоманс - мастацтва, якое жыве ў працэсе, але мы можам меркаваць, што гэты працэс расцягнуты па часе ўсяго нашага свядомага жыцця, незалежна ад абставін. Перформер усё жыцце пражывае ў нябачным для чужых, вечным працэсе творчасці. Яго эмоцыі належаць і сыходзяць з творчага працэсу. Гэта значыць, што час, які належыць нам, мае большы працяг, чым акт дзеяння. Такім чынам, перакладаючы некаторыя падзеі ў тэкст, я працягваю пражываць час перфоманса, я - у працэсе. І ўсе тыя, хто чытае азначаны, звязаны з акцыямі, тэкст міжвольна ўключаюцца ў творчы працэс, што гаворыць за існаванне і неабходнасць. Бадай, вольная трактоўка падзей вядома ж выражае толькі пункт гледжання аўтара, які іх перажыў. Але што ў гэтым дрэннага, калі вы маеце зусім супрацьлеглае меркаванне? З гэтай супярэчнасці паходзіць працэс. Мы не можам быць згодныя ва ўсім.

Перфоманс, як акцыя, мяркуе актыўнасць абодвух бакоў, наведвальнікі дзеяння ёсць яго саўдзельнікі. Гэта сістэма, якая шукае, ламаецца і самаўзнаўляецца, выкідвае з сябе іншароднае. Тыя, хто прыходзіць на акцыі для самалюбавання, хто выкарыстоўвае акцыі толькі для сцвярджэння асабістых амбіцый, пачынаюць разумець, што перфоманс не для іх. Наведвальнікі фестываля, можна ўмоўна назваць іх глядачамі, у сваёй большасці людзі, якія знаходзяцца ў стадыі пошука свайго месца ў свеце, людзі, якія перажылі ўзрушэнні ў асабістым жыцці, якія развіваюцца духоўна, творчыя, шукаючыя, патрабавальныя, тыя, каму не патрэбны пустыя забавы. Таму многія з тых, хто не трапіў, па той ці іншай прычыне, на фестываль з'яўляюцца ў роўнай і большай меры яго ўдзельнікамі, "гледачамі". Аўдыторыя фестываля, на самой справе, нашмат большая, чым фіксаваны ўдзельнік, глядач. Фестываль - падзея, якая перадаецца на словах ад чалавека да чалавека, змяняючы наша жыццё, наша бачанне жыцця. Праз людзей, перформераў, якія прыехалі да нас, якія перадаюць свой вопыт культуры і сваё ўспрыманне жыцця, свае адносіны да света і яго ладу, мы адкрываем сябе. Фестываль не параджае маўчання, ён западае ў душы людзей, змяняе меркаванні аб нашым жыцці. Ён часта выклікае негатыўную рэакцыю прэсы, якая не здольна ўвогуле што-небудзь зразумець і разабрацца ў працэсах, што адбываюцца ў сучасным мастацтве і, у выніку, хапаецца за саму сябе, гэта значыць - выдае свой твар, сваю поўную няслушнасць і агрэсіўнасць. Зрэшты, ніхто з тых, хто асвятляў "падзею" і не спрабаваў весці адкрыты дыялог з перформерамі. Ніхто з гэтых журналістаў, я мяркую, і не прысутнічаў на перфомансах. Адсюль такія загалоўкі артыкулаў: "Фестиваль безобразий", "И страшно, и весело" і гэтак далей. У большасці выпадкаў - гэта элементарная непавага да чалавечай асобы і жаданне рэалізавацца, заявіць аб сабе за чужы кошт. Я думаю, што падобнае адбываецца не толькі ў нас. На жаль, усё гэта вельмі далёка ад рэальных падзей самаго перфоманса, таму што рэальнае мастацтва, як і тэкст, - не пустыя дэкарацыі, а ўзаемная праца, дыялог, у якім нараджаюцца новыя ідэі, у якім жыве думка і энэргія, якія змушаюць да дзеяння і творчасці.

назад, спісак <